Патрыёт і змагар за свабоду

(Да 255-годдзя з дня народзінаў Андрэя Тадэвуша Касцюшкі)

07e22f0cef6c5ccbc59c1f20c8f4a7ce LГерой амерыканскага, польскага і беларускага народаў Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка (ураджэнец Брэсцкай вобласці) паходзіў са старажытнага беларускага шляхецкага роду. Пачатак роду паклаў Хведар, які быў пісарам у Вялікага князя Казіміра. Яго сын Канстанцін Хведаравіч, якога Вялікі князь ласкава называў Касцюшкам і надаў прозвішча ўсяму роду. У 1509 годзе Касцюшка атрымаў ад Вялікага князя Жыгімонта ІІ Старога маёнтак Сяхнавічы. Адсюль прозвішча ягонае часта пісалася Касцюшка-Сяхнавіцкі. Аднак нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка 4 лютага 1746 году ў фальварку Мерачоўшчына (Івацэвіцкі раён). Гэтую сядзібу ягоны бацька адсудзіў у Сапегаў. Таму Сяхнавічы і Мерачоўшчына лічацца радавым гняздом Касцюшкаў.

 

Продкі Тадэвуша былі праваслаўнымі. Але ў ХVII ст. у часы “патопу”, яны былі ўжо каталікамі, пратэстантамі, ці вуніятамі. Прабабка Тадэвуша – Канстанцыя Гарэшка (Orzeszko) была каталічкай, але пахаваная была ў Сяхнавіцкай вуніяцкай царкве. Менавіта ў гэтай вуніяцкай царкве, у якой набажэнства вялося на беларускай мове, быў ахрышчаны наш герой, атрымаўшы імя Андрэй. Бацька Людвік Тадэвуш Касцюшка, зацяты каталік, перахрысціў сына ў Косаўскім касцёле, дзе і надалі яму другое імя Тадэвуш. Можа два гэтыя хрышчэнні і прадвызначылі Андрэю Тадэвушу Касцюшку доўгі век і слаўнае жыццё.

Чытаў Вальтэра і Русо

Вучыцца Тадэвуша аддалі ў калегію піяраў у Любашаве за Пінскам. Піяры давалі адукацыю на еўрапейскім узроўні, таму пасля 6 гадоў навучання, у 1765 годзе, Касцюшка бясклопатна паступіў у наваствораны Варшаўскі кадэцкі корпус – тагачасная вышэйшая афіцэрская вучэльня, дзе спецыялізаваўся па ваеннай інжынерыі. Тут ён атрымаў ад калегаў-студэнтаў мянушку “Швэд з-пад Брэста”. Касцюшка, падобна шведскаму каралю Карлу ХІІ, падымаўся а чацвертай гадзіне раніцы і, каб прагнаць сон, апускаў ногі ў балею з ледзяной вадой, якую з ночы ставіў пры ложку.

Затым Тадэвуш вучыўся ў Парыжы, дзе ён працягваў ваенную навуку. У вольную хвіліну наведваў Акадэмію жывапісу і мастацтваў. Гэта быў вельмі шчаслівы час, бо жыў ён у сталіцы свету, меў добрых сяброў, хадзіў па салонах, чытаў Вальтэра і Русо. Атмасфэра будучай свабоды і роўнасці людзей, якая была напярэдадні французкай буржуазнай рэвалюцыі 1789 году выхоўвала ягоную свядомасць. Нездарма ўсё сваё астатняе жыццё Андрэй Тадэвуш Касцюшка аддаў ідэалам братэрства, роўнасці і свабоды.

Сэрцы Тадэвуша і Людвісі працяў стрэламі Амур

Вясною 1775 году А.Т. Касцюшка з Францыі вярнуўся на Радзіму. Вакантнага месца ў войску не было. Ён жыў даволі бедна і таму наняўся настаўнікам малявання і францускай мовы да дачкі фанабэрыстага ваяводы Сасноўскага, Людвісі, якая мела 19 гадоў, а Тадэвуш – 27. Маладзёны пазнаёміліся ў траўні, і не дзіўна, што вясенні росквіт прыроды, стары парк з утульнымі альтанкамі, травеньскія зоркі, салаўіныя песні паспрыялі каханню Тадэвуша і Людвісі. Аднак ваявода Сасноўскі вырашыў парадніцца з князямі Любамірскімі. Ён катэгарычна заявіў Тадэвушу, што дачка панская не для дробнага шляхціча. Але страціць каханую Тадэвуш не жадаў, таму склаў план, як скрасці Людвісю і вянчацца з ёю без згоды пыхлівага пана гетмана. Ён склікаў сяброў і выкраў паненку, але харугва гайдукоў адбіла Людвісю. Касцюшка змушаны быў хавацца, уцякаць за мяжу, бо за “наезд” на маёнтак ваяводы Сасноўскага, яго маглі пакараць смерцю.

Так Касцюшка й зноў апынуўся ў Францыі, дзе ўжо меў шмат сяброў. У той час амерыканскія штаты ваявалі з Ангельшчынай за незалежнасць. Манархічная Францыя, як адвечны вораг “туманнага Альбіёну”, падтрымлівала амерыканцаў. Нягледзячы на тое, што на акіянскіх прасторах Атлантыкі дзеялі бязлітасныя ангельскія карсары, у 1776 годзе Касцюшка сышоў на амерыканскую зямлю. Толькі тут сын зямлі беларускай убачыў тое, што не магло яму нават прысніцца на радзіме: вольных людзей, якія ўпершыню ў гісторыі стварылі дзяржаву без саслоўяў. Гэтай вайне за свабоду і роўнасць людзей Тадэвуш аддаў 9 гадоў жыцця. Дзякуючы яго ваеннаму таленту амерыканская рэспубліканская армія атрымала адну з важнейшых перамог – пад Саратогай у 1777 годзе. Тадэвуш сябраваў з першым прэзідэнтам ЗША Дж. Вашынгтонам і аўтарам першай канстытуцыі Томасам Джэферсанам. Праз 7 гадоў у чыне брыгаднага генерала А.Т. Касцюшка вярнуўся на Бацькаўшчыну.

Галоўныя справы жыцця

Яго Радзіма, Рэч Паспалітая абодвух народаў, памірала. Але патрыятычна настроеная шляхта склікала знакаміты Чатырохгадовы вальны сойм, які прыняў першую ў Еўропе Канстытуцыю 3 траўня 1791 году. Звод законаў забараніў выбарнасць караля і абвяшчаў спадчыннасць праўлення, свабоду веравызнання, правы чалавека і грамадзяніна; ураўноўваліся перад законам усе саслоўі, мяшчанству дазвалялася займаць ваенныя і свецкія пасады. Рэч Паспалітая абодвух народаў, як пісаў Фрыдрых Энгельс, сталася авангардам рэвалюцыйнае Францыі. Манархічныя Расея, Прусія і Аўстрыя не маглі дазволіць, каб у цэнтры Еўропы звіла сабе гняздо рэвалюцыя, ці рэспубліканская дзяржава. Зноў накінуліся яны на Рэч Паспалітую, каб канчаткова знішчыць гэтую шляхецкую рэспубліку і дэмакратычныя ідэі Канстытуцыі 3 траўня 1791 году.

У 1792-м падчас вайны з Расеяй А.Т. Касцюшка камандаваў дывізіяй на Украіне, паказаў сябе здольным камандзірам у баях пад Зяленцамі і Дубенкаю. Пасля таго, як кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі здаўся, Расея, Прусія і Аўстрыя ажыццявілі ІІ падзел Рэчы Паспалітай у 1793 годзе. Каб уратаваць дзяржаву патрыёты Рэчы Паспалітай узнялі вызвольнае паўстаньне ў 1794 годзе супраць “каранаваных разбойнікаў”. На чале паўстання стаў наш зямляк А.Т. Касцюшка. Паўстанне пачалося 24 сакавіка 1794 году ў Кракаве, дзе Касцюшка абвясціў “Акт паўстання”, а 4 красавіка разбіў пад Рацлавіцамі войскі расейскага генерала Тармасава. На беларускіх землях паўстаннем камандаваў палкоўнік Якуб Ясінскі, што належаў да так званых “віленскіх якабінцаў”. Ён, як і Касцюшка, быў гарачым прыхільнікам свабоды і роўнасці, хацеў знішчыць прыгоннае права, пісаў па-беларуску, скіраваныя да сялянаў пракламацыі. Аднак паўстанне 1794 года было задушана рэгулярнай, загартаванаю ў захопніцкіх паходах арміяй А. Суворава. Якуб Ясінскі загінуў, а Касцюшка трапіў у палон. Так у 1795 годзе перастала існаваць Рэч Паспалітая. Беларусь была захопленая імперскай Расеяй, якую Маркс, у свой час, называў “жандарам Еўропы”, а Ленін – “турмою народаў”.

У снежні 1795-га суседам Касцюшкі ў Петрапаўлаўскай турме стаў апошні кароль РП Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які мусіў адмовіцца ад кароны па ІІІ-му падзелу дзяржавы. Былая каханка імператрыца Кацярына ІІ не знайшла яму лепшага прытулку, як турма. Наступны расейскі імператар Павал І вельмі ненавідзеў сваю маці Кацярыну ІІ і таму, як толькі апынуўся на троне пасля яе смерці, вызваліў з Пятрапаўлаўскае крэпасці Тадэвуша Касцюшку, які з’ехаў у Амерыку, затым вярнуўся ў Еўропу й жыў у Швейцарыі.

Пры канцы жыцця ён напісаў тэстамент аб вызваленні ад прыгону сяхнавіцкіх сялянаў. Подпіс і пячатка натарыюса зрабілі аркуш паперы дакумантам. Беларускія сяляне станавіліся вольнымі людзьмі. Гэта быў вельмі моцны крок чалавека, які ўсё жыццё ваяваў за свабоду й роўнасць людзей. Але імператар Аляксандр І свім рашэннем адмяніў акт вызвалення сяхнавіцкіх сялянаў. Цар не задаволіў апошнюю волю А.Т.Касцюшкі, помсцячы за паўстанне 1794 году. У гонар Касцюшкі названы вуліцы й паркі ў шматлікіх краінах, ўсталяваныя помнікі ў Польшчы і ЗША. А на Радзіме – нічога. Крыўдна, да болю ў сэрцы крыўдна.

 

Віктар Сырыца, старшыня Баранавіцкай Рады ТБМ

 

ПЕСНЯ БЕЛАРУСКІХ КАСІНЕРАЎ 1794 ГОДУ

Возьмем косы ды янчаркі,

Пойдзем гордыя гнуць каркі.

Няхай москаль уступае,

Няхай беларусаў знае.

Ўжо Мазуры іх пабілі,

З сваей зямлі выганілі.

Пойдзем з імі і злучымся,

Маскве, Немцам не дадзімся.

Ну жа, хлопцы! Ну жа жыва.

Цяпер маем для нас жніва.

Гасподзь Бог нам ў помац стаець,

Нашу славу нам вертаець.

Ну жа, жыва вы, сотнікі,

Вы, малойцы-дзесятнікі:

Дамо сабе рукі ўзаем,

Бацькаўшчыну адзыскаем.

Атаманы і Казакі, Бійма Маскву і Прусакі.

Калі ўсіх іх вытаўчэма, Тагды ў сяло павярнема.

Помнім добра, што рабілі, Як нас дзёрлі, як нас білі.

Дакуль будзем так маўчаці,

Годзі нам сядзець у хаці.

Каней нам пазаязджалі,

Што хацелі, то і бралі.

Пойдзем жыва да Касцюшкі,

Рубаць будзем Маскалюшкі.

Нашто зямлю нам забралі,

Пашто ў путы закавалі?

Дачкі, жонкі нам гвалцілі!

Трэ, каб мы ім заплацілі.

Пагуляем, пагуляем,

Камендантаў ўсіх пазнаем.

Маскалёў, Нямцоў ў балоці

Будзем рэзаць і калоці.

Ці ўжо мы усе сабакі?

Гаспадары — не бурлакі.

Зашто маем крыўду знаці?

Зашто церпіць наша маці?

Прадавайма аўцы, волы,

Жыта з свірна ды ўсе долы.

Няхай ксёндз нас пасвянцае,

Няхай Бог нам памагае!

Бывай здарова, Грыпіна! Параска! Мая дзяўчына!

Ад вас цяпер ад'язджаем,

Да Касцюшкі ўсе прыстаем.

Калі назад павярнемся,

Тагды з вамі усціснемся.

Вольнасць для нас паны даюць I за людзей нас прызнаюць.

Здрада ёсць ужо ў сенаце.

А мы будзем гніць у хаце?

Возьмем косы ды янчаркі,

Пачнем гордыя гнуць каркі!

Ну жа, хлопцы, ну жа, жыва.

Пагуляем, маем жніва! Пагуляйма! Пагуляйма! Ды Маскаля ўраз прагнайма!

  • Карта сайта
  • Контакты
  • support2
  • united nations development programme logo 2 0
© 2015 Создание сайтов в г. Барановичи . Все права защищены.
Отправить отзыв