Каранацыя Міндоўга

750 гадоў таму на Баранавіцкай зямлі адбылася каранацыя на караля Вялікага князя Наваградскага Міндоўга.

Каранацыя МіндоўгаЧытаючы гісторыю Беларусі савецкіх часоў ці цяперашніх прыдворных гісторыкаў, складваецца ўражанне, што наша мінуўшчына – гэта гісторыя лапцей, ручнікоў ды адвечнае стагнанне аб лепшай долі. Годзе цярпець гэтае плебейцтва і манкурцтва. У нас слаўная і гераічная гісторыя, ў якой былі свае каралі, рыцарскія ўчынкі і талерантнасць народа.

  6 ліпеня 2003 г. споўнілася ўнікальная дата ў нашай гісторыі – 750-я ўгодкі ад часу каранацыі першага Гаспадара беларуска-літоўскай дзяржавы Міндоўга. Ён быў нашчадкам полацкіх князёў, унукам князя Расціслава.

    Першая беларуская дзяржава Полацкае княства саслабела ў выніку міжусобнай барацьбы і крыжацкай агрэсіі ў 12-13 ст.ст. Затое ўзвысіўся Наваградак, які пачаў збіраць беларускія землі вакол сябе. Для выканання гэтай мэты ў Наваградак быў запрошаны з летапіснай Літвы ( знаходзілася паміж Наваградкам і Менскам ) ваяўнічы князь Міндоўг. Ён прыйшоў на службу ў якасці наёмніка, як паведамляе летапіс, разам з “многими своими боярами”.

    Перш чым стаць Наваградскім князем, Міндоўг павінен быў ахрысціцца. У 1246 годзе ён прымае хрысціянцтва Візантыйскага ўзору і распачынае больш рашуча далучаць беларускія зямелі да Наваградскай зямлі. Такія паводзіны наваградскага князя ўстрывожылі галіцка- валынскіх князёў, якія марылі далучыць да сябе беларускае Панямонне. За кароткі час яны робяць 2 пахода супраць Міндоўга, але напады не далі жаданых вынікаў. Тады галіцка-валынскі князь Даніла пачынае збіраць кааліцыю з палякаў, яцвягаў, жмудзінаў.  Міндоўгу трэба было тэрмінова шукаць выйсце з гэтага цяжкага становішча, каб разбіць варожую кааліцыю. Патрэбны былі нейкія незвычайныя дзеянні. Ён накіроўвае паслоў да магістра Лівонскага ордэна Андрэя фон Штырлянда, які абавязаўся выстарацца ў папы Рымскага каралеўскага тытула для Міндоўга пры ўмове яго хрышчэння па Рымскаму ўзору. І прыняў Міндоўг хрэст разам з жонкай Мартай, двумя малодшымі сынамі і цэлым дваром у 1251г. у летняй рэзідэнцыі Варуце ( цяпер мястэчка Гарадзішча, Баранавіцкага раёна ). Праваслаўнае насельніцтва і святарства Наваградка не вельмі вітала гэты крок Вялікага князя, таму ўрачыстасць адбылася ў летняй рэзідэнцыі Варуце. Абрад выканаў святар ордэна мечаносцаў Хрысціян. 

   Цяпер разам з крыжакамі Міндоўг больш смела бараніўся ад варожай кааліцыі, зачыніўшыся ў Варуце. Захапіць умацаванае гарадзішча войска Данілы не змагло. І каб паказаць сваю ваенную сілу, праціўнікі Міндоўга на гэты раз правялі звычайны рыцарскі турнір. Гэта быў першы рыцарскі турнір на беларускай зямлі, праведзены ў Баранавіцкім краі. ( Дарэчы, правядзенне Наваградскага рыцарскага турніра ў 2000 і 2002 гг., а таксама Нясвіжскага 3-4 ліпеня 2003 г. – гэта аднаўленне той рыцарскай традыцыі, якая была закладзена пад сценамі Варуты ў 1252 г. )

Фон Штырлянд слова сваё стрымаў: папа дазволіў каранацыю, якая адбылася 6 ліпеня 1253 г. Так Міндоўг стаў першым каралём беларуска-літоўскай дзяржавы. Гэта была супольная дзяржава славянаў і балтаў, якія жылі па прынцыпу: не рухаці старыны, не ўвадзіці навіны, а на вайну разам. На працягу больш 500 гадоў гэтая дзяржаўнасць адстойвала незалежнасць Бацькаўшчыны ад татара-мангольскіх захопнікаў, крыжакоў, крымскіх татараў і маскоўскіх цароў ды польскіх паноў, якія сквапна глядзелі на беларускія землі.
Дзе ж адбылася гэтая знакамітая каранацыя Міндоўга? Адзінай думкі ў вучоных на гэты конт няма. Напэўна, не ў Наваградку, бо, як дакладна вядома з валынскага летапісу, два гады пазней, пасля каранацыі, Міндоўг не меў яшчэ сваёй рэзідэнцыі ў Наваградку. А таму акт каранацыі мог адбыцца толькі ў Варуце.

Старшыня Баранавіцкай Рады Таварыства
беларускай мовы імя Ф. Скарыны
Віктар Сырыца