ВАРУТА – першы летапісны населены пункт Баранавіцкай зямлі

ВАРУТА – першы летапісны населены пункт  Баранавіцкай зямліДля навукі мае прынцыповае значэнне высвятленне пытання, дзе была “Літва Міндоўга”?

Не менш важным з’яўляецца пытанне аб месцазнаходжанні летняй рэзідэнцыі першага гаспадара Беларускай дзяржавы Вялікага княства Літоўскага. Наваградскі летапіс паведамляе, што ў 1252 г. Міндоўг бараніўся ад сваіх ворагаў у горадзе Варута. Пляменнікі Міндоўга Таўцівіл і Эдзівід, землі якіх ён захапіў, разам з кааліцыяй (а гэта былі крыжакі, яцвяжскія дружыны, а таксама галіцка-валынскія князі, якія хацелі валадарыць на заходне-беларускіх землях) рушылі супраць Міндоўга.

Першы кароль беларуска-літоўскай дзяржавы, як паведамляе летапіс, зачыніўся ў сваёй рэзідэнцыі ў горадзе Варута ці, як сам Міндоўг яе называе, курыі вялікага князя. Апроч працытаванага паведамлення ніякіх іншых звестак і рускія, і нямецкія хронікі пра ўцёкі Міндоўга ў Варуту не захавалі. Такая поўная невядомасць выклікала да жыцця шэраг меркаванняў і здагадак. Варуту, амаль усе даследчыкі, лічылі радавым гняздом Міндоўга, ягонай “сталіцай” і змяшчалі то ў Жмудзь – у вярхоўе Дубісты пад Расены альбо ў нізоўе яе пад Эйраголу, то ідэнтыфікавалі ці з Варанянамі (на сучасным беларуска-літоўскім памежжы), ці з Лішкавам (недалёка ад Друскенікаў). Вядомы беларускі вучоны Мікола Ермаловіч у сваім творы “Старажытная Беларусь”робіць здагадку, быццам слова “Варута” утварылася ў выніку памылкі перапісчыка, які злучыў прыназоўнік з назоўнікам у адзінае цэлае. Гэта значыць, у першапачатковым запісе храніста было так: “ во град именем во Руту”, што адпавядае кніжнай традыцыі нашай даўніны. Пазнейшы летапісец, устаўляючы Наваградскі летапіс у Галіцка-Валынcкі, мог, не разабраўшыся, “во Руту” прыняць за адно слова.

Той жа М. Ермаловіч сцвярджае, што між рэкамі Сэрвеччу і Валоўкай ёсць невялікая рэчка Рута і некалькі населеных пунктаў з такой назвай. Магчыма, на месцы аднаго з іх знаходзілася Варута. Далей ён выказвае меркаванне, што Варута знаходзілася на месцы сучасных Карэлічаў, якія размешчаны на р. Руце і дзе ёсць гарадзішча.

Больш слушнай мне падаецца думка гісторыка Тэадора Нарбута, які сцвярджае, што Варута знаходзілася на месцы Гарадзішча – паблізу Сталавічаў Баранавіцкага раёна.

Эдзівід і Таўцівіл з войскам, складзеным з галічан, полаўцаў, яцвягаў і немцаў нечакана выступіў супраць Міндоўга, які ўцёк у Варуту. Захапіць горад яны не змаглі. Аднак замест асады, замест спроб узяць Варуту штурмам, лезці на сцены, разбіваць браму тарасамі, марыць абаронцаў горада голадам, было праведзена спаборніцтва паміж саюзнымі атрадамі, вучэбны бой. Апранутыя ў даспехі крыжакі супрацьстаялі яцвяжскаму і галіцка-валынскаму ўзбраенню і іншай тактыцы. Гэта быў першы рыцарскі турнір на нашай зямлі. (Дарэчы, правядзенне Наваградскага рыцарскага турніра ў чэрвені 2000 і 2002 года – гэта аднаўленне той рыцарскай традыцыі, якая была закладзена пад сценамі Варуты ў 1252 годзе.

Аднак самае дзіўнае, што Варута засталася незахопленай і Міндоўг здолеў не толькі ўратавацца, але спачатку раскалоць, а затым перамагчы сваіх ворагаў па асобку.

Мяркую, што Варута не магла быць у Лішках, Эйраголе, Варанянах ці Руце, бо яны былі дробнымі замачкамі, няздольнымі абараніцца ад вялікага войска. У Літве 13 ст. буйных замкаў наогул не існавала, яны ўзніклі стагоддзем пазней. Найбольш старажытным і ўмацаваным паселішчам каля Наваградка было Гарадзішча, якое стала другой “сталіцай” Міндоўга.

Вялікую рацыю мае гісторык Тэадор Нарбут, калі сцвярджае, што старажытная Варута (рэзідэнцыя Міндоўга) знаходзілася на месцы Гарадзішча Баранавіцкага раёна.

Такім чынам, ВАРУТА ёсць першы населены пункт Баранавіцкай зямлі, які згадваецца ў старажытных летапісах. Значна пазней згадваецца Гарадзішча (1413 ), Мыш (1414 г. ), Моўчадзь (1422 г.), Палонка і Пачапава (1428 г.).Нашыя Баранавічы ўпершыню ўпамінаюцца толькі ў 1626 г.


Віктар Сырыца. Старшыня
Баранавіцкай Рады Таварыства
беларускай мовы імя Ф. Скарыны

  • Карта сайта
  • Контакты
  • support2
  • united nations development programme logo 2 0
© 2015 Создание сайтов в г. Барановичи . Все права защищены.
Отправить отзыв