“Усюды добра, дзе ёсць Бог…”

Ігнату Дамейку прысвячаецца

biust dameika

Помнік І. Дамейку ў Вялікай Мядвядцы. Фота аўтара

                1
Суніцамі пахнуць паляны,
Буслы ўзлятаюць з падскокам.
Няма тут у нас акіяна,
І Анды далёка-далёка.

 

Бабры падразаюць асіны,
Не кожны год яблыкі ў садзе…
Але ж гэта наша краіна,
Айчына! І мы ёй не здрадзім!

Пры хатах і кветкі і градкі,
Пялёсткі рамонкаў, бы вейкі…
……………………………………………….
Такая ты сёння, Мядзвядка,
Радзіма Ігната Дамейкі.

Шапоча на ўзлеску калоссе,
Няма ні сядзібы, ні млына.
А што тут, скажы, засталося?..
Бюст. Памятны знак. Успаміны!

Успаміны… Такое багацце!
Нібы зазірнеш у акенца.
Тут недзе ў бабцінай хаце
Жыў певень у клетцы ў сенцах.

Пад столлю, дзе цені і здані,
Нібыта вялікі дарадца,
Будзіў ён усіх на світанні
І клікаў у поле, да працы.

Прастора тут елкам і вербам,
Спявае вясной салавейка.
Тут Дангелем, выбітным гербам,
Пазначаны шляхціч Дамейка.

                   2

Сапраўдным ён быў Чалавекам,
Таму не прапаў і не згінуў…
Так выйшла, што больш за паўвека
Не бачыў ён роднай краіны.

Было ўсё акрэслена знакам,
Які ўжо ніхто не парушыць:
Марыля ў радні, Верашчака,
У суродзічах іх і Касцюшка.

Тут, дома, дзе іншыя зімы,
Яго шмат чаму навучылі,
Але й на шляху да Радзімы
Нясе ў душы “Viva Chile!”

…Пакуль што яшчэ не спатканне.
Ды, сябрам юнацтва адданы,
Ён на параходзе “Брытанія”
Лісты перачытвае Зана.

                 3

Застаўся ў сем год тут без бацькі,
Тут маці спачыла ў спакоі…
Прыехаў. Усё добра ў хаце,
Але… Усё даўно ўжо не тое.

Чужыя ўжо лес тут і поле,
Чужыя і гора, і шчасце…
Хацелася вельмі ў касцёлік,
Дзе браў у дзяцінстве прычасце,

Дзе біў у юнацтве паклоны,
Маліўся з раднёю ў храме.
Тут армію Напалеона
Калісьці вітаў ён з сябрамі!

Аб гэтым узгадваў у Чылі.
Ды моцна замкнёныя дзверы…
Яго ў Божы храм не пусцілі:
Сялілі там іншую веру.

Такія вялікія страты
Тут, дзе ён змагаўся за волю:
З былых халуёў памагаты
Ключ храмны ўзяць не дазволіў.

Выходзіла сумным спатканне.
І, стаўшы без слоў на калені,
Зямлю ля касцёльных каменняў
Цалуе вялікі выгнаннік.

                   4

…Хапала тут птушак і рыбы,
І час быў адчайна-вясёлым!
Адгэтуль, ад роднай сядзібы,
Ён едзе ў піярскую школу.

Яшчэ не падлеткі, а дзеці,
Яшчэ не сярод інсургентаў.
У Вільні ва ўніверсітэце
Ён -- між самых юных студэнтаў.

Вучыўся з вялікай ахвотай,
Каб вечнае й добрае сеяць.
У “Саюзе сяброў” ён з Чачотам,
Адам разам з імі Міцкевіч.

І фізік ён, і матэматык,
Філосафам -- больш чым таварыш.
Ён з імі сярод філаматаў,
Таму й не забавіўся арышт.

З сябрамі пазбаўлены волі
Ў манастыры базыльянаў.
Прысуд і ўтрыманне ў Заполлі,
Дзе перакладаў Асіяна.

                 5

… Паўстанне-- нібыта рака,
Каня хлопец мае і зброю.
Яго ад’ютантам палка
Прызначылі гэткай парою.

Яшчэ малады, хоць не юны,
Напіша ён, выйшаўшы з пушчы,
Нібы “….варухнуліся ў трунах
Баторый, Ян Трэці, Касцюшка…”

Хацелася лепшае долі,
Хоць стаў небяспечным іх пошук.
І быў для паўстаўшых паролем
Французскіх часоў медны грошык.

Пазней -- і Парыж. І экватар,
А сёння, узняўшы малітву,
Ён разам з Эміліяй Плятар,
З Міцкевічам поруч у бітвах.

Ваяр, афіцэр,чысты крэмень,
(Такія і сёння тут трэба)…
Дзядок цалаваў яго стрэмя,
Уздымаючы рукі да неба.

Чужыя сцягі – на траву.
І рвалі паўстанцы з пагардай
У царскіх арлоў галаву —
Адну!—з іх імперскіх какардаў!

Стаялі на плошчах шыхтамі,
У храме згіналі калені,
Але… Не ўстаяла паўстанне.
І боль, і адчай, і сумненні.

І, сцяўшы збялелыя вусны,
Хаця і не страціўшы веры,
Яны адступілі ў прусы
Пад пільным наглядам ландвераў.

Іх стомленых коней падковы
Тапталі чужую траву,
І мытнік, спытаўшыся ”Хто вы?”,
Прад імі схіляў галаву.

Здаецца, прымалі няблага,
Але вымагаюць іх швабы
Радзіму забыць і прысягу,
І болей не брацца за шаблі.

Забыць, пра што марылі летась,
Аддаць ім і коней, і лейцы,
Інакш – у бліжэйшую крэпасць
Альбо на расправу расейцам.

З усім развітацца, што маюць,--
Ніякіх паблажак і зніжак…
І разам з Адамам прымаюць
Рашэнне – наўпрост да Парыжу!

Дзянькоў там хапала вясёлых,
Ліцвінаў там шмат і палякаў.
Але там і горная школа,
Якую ён скончыць з адзнакай!

                    6

…Не будзе ўжо болей пакутаў.
А будуць і штормы і рыфы,
І ветразі, добра надзьмутыя.
Мадэйра, пасля Тэнерыфе.

Далёка паўстання віхуры,
Страмёны ў мінулым і шпоры…
А ў моры – страшэнныя буры,
Нясе карабель, нібы ў прорву!

Тут вецер нахабны і горкі,
Бушпрыт зарываецца ў пену.
І страшна рыпяць пераборкі,
І смерць можа стацца імгненнай.

Няпростым быў шлях карабля,
Гайдала, нібыта з пахмелля.
І покліч матроса “Зямля!”
Узрадаваў і падвяселіў.

               7

Марскія скарыліся мілі,
І вось цішыня вузкіх вулак…
Сустрэла Рэспубліка Чылі,
І працу дала і прытулак.

Вандроўнік крутога памолу,
Спрыяе ў Какімба ён людзям
І вучыць студэнтаў вясёлых…
(Праз год там прафесарам будзе!)

Усяго трыццаць шэсць яго веку.
Заўсёды з калегамі ў згодзе,
Даследуе і вынаходзіць,
І ладзіць там бібліятэку.

Прытрымліваецца традыцый
Пакуль незнаёмага краю,
І крочыць у экспедыцыі,
І мінералы збірае.

І ўсё, чаму добра вучылі
У Шчучыне, Вільні, Парыжы,
Ён тут пакідае, у Чылі,--
На нітку, бы пацеркі, ніжа.

Ён здзейсніць паспеў мноства планаў
І меў пэўны час на малітву.
Пісаў пра жыццё араўканаў,
Штодзённы іх побыт і бітвы.

Чылійскае доўгае лета
У працы праводзіў аддана…
Ён -- рэктар універсітэта,
(Чатыры разы быў абраны!)

У краі, што ў сіняй аправе,
Хадзіў ён з нялёгкай паклажай,
Чылійцаў вучыў горнай справе
І метэаслужбу наладжваў.

Геолаг ён і мінеролаг,
Даследаваў горныя нетры,
Там срэбра знайшоў і салетру.
І кніжкі яго ўжо ў школах.

Хоць звык ён у справе старацца,
Не дбаючы моцна аб славе,
Ды ўжо навуковыя працы
І ў Кракаве меў, і ў Варшаве.

У самым куточку найдальнім,
Дзе буры між скалаў спяваюць,
Плануе ён шахты, капальні --
У іх золата й медзь здабываюць.

Дню кожнаму новаму рады,
Не ведаў сумненняў і страху.
І бачыў ён цуд вадаспаду,
Экзотыку Сальта-дэ-ля Ляха!

Там рэкі з падвойнаю назвай,
Жаноцкі характар там палкі…
Да нас, хай сабе не адразу,
Прывезлі адтуль і трускалкі.

Паўдзённага Крыжа там зоры
І столькі загадкавых сноў!
І там Энрыкета падорыць
Яму і дачку, і сыноў!

З краіны ён іншай і эры --
Працяў кіламетры і мілі,
Бо моц вымяраў па намеры,
А не намеры – па сіле.

А выбраўшыся ў дарогу,
Каб ісціны вышняй спазнаці,
Нязменна ён моліцца Богу,
Укленчвае перад распяццем.

Ішлі за вярстою вярста,
І ў храме, дзе лікі святыя,
Ён статую ўбачыць Хрыста
“…З цярновай каронай на шыі”.

Жыў гэты народ без спакус,
Тут не замыкаліся дзверы.
Дамы разбурыў землятрус,
А храм Бог аддаў тым, хто верыць…

                8

… Хапала ў жыцці ўсяго,
Меў радасць вышэйшае пробы…
А дзень пахавання яго
У Чылі стаў часам жалобы.

Званы цішыню рвалі ўшчэнт,
Вайскоўцы праходзілі строем.
Яго абвясціў прэзідэнт
Нацыянальным героем!

Праславіўся ён на ўвесь свет
І шмат дзе ў бронзе адліты.
Імя носіць горны хрыбет,
Завуць мінерал дамейкітам,
І ў кветкавым атласе ёсць
Віёла дамейкіяна…

Яму і тутэйшы, і госць
Паклоняцца шчыра, старанна
На гэтай прыгожай зямлі,
Што сонцам ласкавым сагрэта.

Імя яго ўжо набылі
Мястэчка, пасёлак, планета,
Там вуліцы праляглі,
Паўсталі ўніверсітэты.

                9

Ён вечнае й добрае сеяў,
Калі што рабіў – то з ахвотай.
У “Дзядах” услаўляе Міцкевіч
Яго пад мянушкай “Жэгота”.

Ён край свой у сэрцы збярог,
Дзе блізкія ў родавым склепе,
І скажа на ўзмежку дарог,
Што добра ўсюды, дзе Бог,
Ды тут з Ім найлепей…

                10

Ён быў дзвюм радзімам адданы,
Ён бачыў і хвалі, і вежы,
І срэбраны шчыт з герба Дангель
Пранёс праз жыццё як належыць.

Спазнаўшы і сум, і каханне,
Непадуладны быў року
І век свой пражыў з адчуваннем,
Што шабля -- пры боку.

Аляксей БЕЛЫ.
Ліпень 2017.

beliAl

Аляксей Белы

  • Карта сайта
  • Контакты
  • support2
  • united nations development programme logo 2 0
© 2015 Создание сайтов в г. Барановичи . Все права защищены.
Отправить отзыв