Да 200-годдзя з дня нараджэння Адама Міцкевіча (Частка - 2)

СЯРОД ВІЛЕНСКІХ СЯБРОЎ

05d6ad665a7fb44a7b139e560444c27d LУ 1815 годзе Адам закончыў школьнае навучанне і быў прыняты ў Віленскі Універсітэт. Спачатку вучыўся на фізіка-матэматычным факультэце, а вясной 1816г. перавёўся на гісторыка-філалагічны. Віленскі Універсітэт – гэта была адна з лепшых навучальных устаноў Еўропы. Ён быў заснаваны ў 1570 г. езуітамі як калегіум, а ў 1579 г. быў ператвораны ў акадэмію. Пры акадэміі існавалі бібліятэка, друкарня, астранамічная лабараторыя. Студэнты ўсіх факультэтаў вывучалі беларускую мову. У 1781 г. акадэмія была ператворана ў галоўную школу Вялікага Княства Літоўскага. Яе рэдактар М. Пачобут-Адляніцкі надаў адукацыі свецкі характар. У1803г. Галоўную школу ВКЛ рэарганізавалі ва ўніверсітэт з 4 факультэтамі: фізіка-матэматычны, медыцынскі, літаратурны і вольных мастацтваў, маральных і палітычных навук.

 

Прагрэсіўная моладзь гэтага ўніверсітэту стварыла тайнае таварыства філаматаў (той, хто імкнецца да ведаў), якое першапачаткова ставіла культурна-асветніцкія мэты: вывучаць фальклор, народны побыт, дапамагаць таварышам у вучобе. Яго арганізатарамі з’яўляліся Юзаф Яжоўскі, Адам Міцкевіч, Ян Чачот, Тамаш Зан, Францішак Малеўскі (сын рэдактара Віленскага ўніверсітэта), Ігнат Дамейка. У1820 г. найбольш актыўна настроеная моладзь стварыла больш тайную арганізацыю таварыства філарэтаў. Яны выступалі супраць прыгоннага права, царскіх улад, былі гарачымі прыхільнікамі Канстытуцыі 3 мая 1791года. Філаматы і філарэты збіралі народныя казкі, паданні, хацелі пашырыць адукацыю сярод простых людзей. А. Міцкевіч пісаў: “О, мне дажыць бы да гэтай уцех, каб мае трапілі кнігі пад стрэхі…”.

У 1823 г. усе кіраўнікі і сябры гэтых таварыстваў былі арыштаваны і адпраўлены ў высылку ў аддаленыя губерні Расіі. У кастрычніку 1823 г. Адам Міцкевіч быў арыштаваны па справе філарэтаў. Прафесар універсітэта Іаахім Лялевель стаў хадайнічаць за паэта, узяў яго на парукі, і праз паўгода Міцкевіча вызвалілі з турмы. Яшчэ праз паўгода А. Міцкевіча, Ю. Яжоўскага, Ф. Малеўскага і іншых выслалі ў Расію. Умовы высылкі былі адносна лёгкімі. З 1824 па 1829 г. Міцкевіч быў у Пецярбургу, Адэсе, Маскве і іншых месцах. Ен быў знаёмы з К. Рылеевым, А. Пушкіным, В. Жукоўскім, У. Крыловым, А. Грыбаедавым. Знаходзячыся ў Расіі, паэт напісаў знакамітыя “Крымскія санеты”. Хутка выйшла ў свет паэма “Конрад Валенрод” (1828 г.).Гэта паэма, як і паэма “Гражына” (1823), напісана на сюжэты з гісторыі Вялікага Княства Літоўскага.

А. Міцкевіч імкнуўся выехаць за мяжу. Памог яму ў гэтай справе пісьменнік Фадзей Булгарын, які нарадзіўся ў Слуцкім павеце і прыходзіўся земляком Адаму Міцкевічу. Паэт атрымаў пашпарт на замежную паездку для лячэння.

МАРЫЛЯ

Maryla была для Адама Міцкевіча тым, чым Беатрычэ для Дантэ, Лаура для Петраркі, а Наталі для Пушкіна.

Падчас летніх вакацыяў Адам Міцкевіч разам са сваім аднадумцам Тамашам Занам прыехалі ў Туганавічы (Баранавіцкі р-н) да свайго сябра Міхала Верашчакі. Тут і пазнаёміўся Адам з Марыляй Верашчакай. Каханне ўспыхнула адразу. Марыля добра іграла на фартэпіяна, спявала, ведала французскую мову, чытала Вальтэра, Русо, Гёте. Спачатку маці Марылі не прыдавала сур’ёзнага значэння дружбе маладых людзей, бо лічыла, што Адам для яе дачкі - не пара. Верашчакі жылі заможна, а бацька Марылі быў нават маршалкам наваградскай шляхты. Да нашых дзён захаваўся Туганавіцкі парк і альтанка з шасці ліп, дзе некалі сустракаліся Адам і Марыля. Да таго часу адносяцца і яго першыя вершы: “Мешка, князь Наваградка”, “Бульба”. У 1818 годзе быў надрукаваны яго верш “Гарадская зіма”. Марыля і Адам хадзілі і да Свіцязі. Там маладым людзям мясцовы рыбак расказваў цікавыя легенды. Міцкевіч пазней склаў балады “Рыбка”, “Свіцязь”, “Свіцязянка”. Аднак по рашэнню бацькоў Марыля Верашчака ўзяла шлюб з графам Путкамера.

У 1822 годзе ў Вільні выйшлі ў свет зборнікі вершаў “Паэзія” і “Балады і рамансы”. Пасля знаёмства з гэтымі кнігамі сучаснікі сталі асуджаць Марылю за здраду паэту. Аднак у Адама Міцкевіча з сям’ёй Путкамераў усталяваліся дружалюбныя адносіны. Міцкевіч падараваў першы зборнік вершаў мужу Марылі, а той запрасіў паэта ў госці. Другі зборнік вершаў паэт падарыў Марылі непасрэдна. Каханая не засталася ў даўгу – падарыла яму верхавога каня, а пазней пярсцёнак і мініяцюру свайго партрэта са слановай касці. Гэтую мініяцюру ён зберагаў усё жыццё як талісман.

Адам Міцкевіч усё жыццё безнадзейна кахаў Марылю. Вобраз Марылі Верашчакі пастаянна прысутнічае ў творах Міцкевіча: ей прысвечана мноства вершаў, частка “Дзядоў”, ідэалізаваныя рысы гэтай дзяўчыны адлюстроўваліся ў Зосі – гераіні “Пана Тадэвуша”. І ў думках, і ў сэрцы паэт ніколі не разлучаўся са сваёй каханай.

Ніколі, нідзе не магу я расстацца з табою!

Ідзеш ты па моры, па сушы ў дарогу за мною

Сляды твае бачу на схілах, высокіх і слізкіх.

I чую твой голас у шуме каскадаў альпійскіх.

Наўкол азірнуўся і страх валасы падымае:

Баюся сустрэцца з табою, але прагна жадаю.

Рамантычнае каханне Адама і Марылі лягло ў аснову “Балады пра вянок” Аркадзя Куляшова.

БЛУКАННЕ ПА ЕЎРОПЕ

На англійскім судне “Георг-ІV” 15 мая 1829 г. Міцкевіч назаўсёды пакінуў Расію, выехаўшы ў Нямеччыну. Для яго пачаліся гады доўгіх падарожжаў і блуканняў. Калі паэт прыехаў у Берлін, то яго вельмі цёпла і сардэчна вітала беларуска-польская эміграцыя. У Берліне ён наведваў лекцыі по філасофіі Гегеля. У Празе Міцкевіч пазнаёміўся з чэшскім пісьменнікам Вацлавам Ганкай, у Веймары - з Гётэ. Затым накіраваўся ў Рым, Жэневу, Неапаль. Калі дайшлі чуткі, што ў Польшчы, Літве і на Беларусі пачалося вызвольнае паўстанне ў канцы 1830 года, то паэт імкнуўся выехаць туды, але бракавала грошай. Адам Міцкевіч не прыняў удзел ва ўзброеным паўстанні 1830-31 гадоў, што яму не робіць гонар. А вось ягоны брат Францішак, нягледзячы на сваё калецтва (з дзяцінства быў гарбаты), асядлаў каня і адным з першых выехаў з Наваградка, каб прыняць удзел у паўстанні. Восенню 1831 г, калі паўстанне было амаль задушана, Адам Міцкевіч першы і апошні раз быў у Польшчы. Ён жыў у мястэчку Будзішава каля Познані ў памешчыка Юзэфа Лубенскага. У гэты час вызвольнае паўстанне пацярпела паразу і паэт пераехаў у Дрэздэн. Там ён скончыў напісанне лірыка-драматычнай паэмы “Дзяды”.

Адам Міцкевіч нарэшце выбраў Парыж для пастаяннага жыхарства. 13 лютага 1834г. ён скончыў галоўны твор свайго жыцця “Пан Тадэвуш”. У гэтым жа годзе паэт ажаніўся на Цэліне Шыманоўскай, якая была на 14 гадоў маладзейшай за Адама. Праз год у іх нарадзілася дачка. Назвалі яе Марыляй, у гонар Марылі Верашчакі. У 1838г. з’явіўся сын Уладзіслаў, будучы дэследчык жыцця і творчасці свайго бацькі.

У сярэдзіне 30-х гадоў Міцкевіч пакінуў паэзію і захапіўся гісторыяй, але яго “Гісторыя. Польшчы” не захавалася. У 1835-36 гг. Міцкевіч напісаў на французскай мове п’есу “Барскія канфедэраты”. Аднак даследаванне гісторыі і напісанне гістарычных п’ес не прынеслі паэту карысці ні матэрыяльнай, ні духоўнай.

У 1839 г. сям’я Міцкевічаў пераехала ў Лазану (Швейцарыя). За працу прафесара лацінскай мовы сп. Адам атрымваў 80 швейцарскіх франкаў у месяц. Гэта былі добрыя грошы, бо Міцкевіч жыў у шыкоўным доме з відам на Жэнеўскае возера і Альпы.

У кастрычніку 1840 г. сям’я вярнулася ў Парыж. Ён стаў чытаць ужо славянскія літаратуры ў Калеж дэ Франс. Яго лекцыямі захапляліся Ж. Санд, Ф. Шапэн, В. Гюго, А. Герцэн. А. Міцкевіч ліставаўся з рускім пісьменнікам М. Гогалем, сябраваў з Бальзакам. Рэвалюцыю 1848г. у заходняй Еўропе паэт сустрэў з вялікімі спадзяваннямі. Ён паехаў у Рым ствараць польскія легіёны для барацьбы супраць Аўстра-Венгрыі, якая захапіла частку польскіх і ўкраінскіх зямель. У 1849г. у Парыжы паэт заснаваў інтэрнацыянальную газету “Трыбуна народаў”. Тут друкаваліся артыкулы ў абарону прыгнечаных народаў. У 1852г. сп. Адаму даюць адстаўку. Сям’я Міцкевічаў, у якой было 6 дзяцей, апынулася ў вельмі цяжкім матэрыяльным стане. Паэт уладкоўваецца супрацоўнікам бібліятэкі Арсенала, імкнецца аднавіць сваю літаратурную дзейнасць. Але свае апошнія рукапісы спаліў. Цэліна Міцкевіч у апошнія гады была псіхічна хворая. 5 сакавіка 1855г. жонка паэта памерла. Адам Міцкевіч на некалькі месяцаў перажыў яе. Восенню 1855г. ён накіраваўся ў Стамбул (Канстантынопаль) з мэтай арганізаваць польскія легіёны для барацьбы супраць рускага царызму: Турцыя ў той час ваявала супраць царскай Расіі. Адам Міцкевіч захварэў на халеру і 26 лістапада 1855 г. памёр.

Праз 56 дзён прах паэта прывязлі ў Парыж і пахавалі на могілках Манмарансі, а ў 1890 г. яго перазахавалі ў Кракаве, недалёка ад магілы другога слаўнага сына зямлі беларускай Анрэя Тадэвуша Касцюшкі.

 

В. СЫРЫЦА, старшыня Баранавіцкай Рады

Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны.