Да 200-годдзя з дня нараджэння Адама Міцкевіча (Частка - 1)

Я маю край, радзіму дум сваіх

То майго сэрца любая Айчына

dad2db1c0821d2a1813caaa03420c061 LУ марозную калядную ноч 24 снежня 1798 г. у Мікалая і Барбары Міцкевіч нарадзіўся сын Адам. Прымала роды шляхцянка пані Маладзецкая. Верачы ў цудоўнае дзеянне прыкмет, яна перарэзала пупавіну на кнізе - сілай павер’я гэта абяцала немаўляці вучонасць і вялікі розум. Пажаданне павітухі стала прароцкім: у 4 гады хлопчык ужо чытаў, Адам Міцкевіч быў адным з лепшых вучняў Дамініканскай школы ў Наваградку, лічыўся самым здольным студэнтам Віленскага універсітэта. Да 25-гадовага ўзросту выдаў 2 зборнікі вершаў, а "Дзяды" і "Пан Тадэвуш" прынеслі яму сусветную вядомасць.

НАВАГРАДЧЫНА...

Ганарлівая віленская ды варшаўская шляхта называлі Наваградчыну мядзвежым кутам. Адам Міцкевіч не саромяўся свайго правінцыйнага паходжання. Ён вельмі любіў сваю бацькаўшчыну і ганарыўся яе славутай гісторыяй.Менавіта Наваградчына стала тым падмуркам, на якім вырасла Вялікае Княства Літоўскае (ВКЛ) - беларуска-літоўская дзяржава эпохі сярэднявечча. Наваградак стаў першай сталіцай ВКЛ, у 1253 г. тут адбылася каранацыя першага караля ВКЛ Міндоўга. У 1408 г. у Наваградку мела месца тайная нарада Вітаўта і Ягайлы, на якой быў распрацаваны план вайны з крыжакамі. Наваградскі замак, які будаваўся і перабудоўваўся на працягу 13-16 стст., зведаў вялікую колькасць крыжацкіх наездаў. У 1250 г. магістр Лівоніі Андрэй фон Штырлянд упершыню напаў на Наваградак. У 1314 г. гарадзенскі князь Давыд разбіў крыжацкае войска пад кіраўніцтвам магістра Генрыха фон Плотке. Падзеі гэтай бітвы ляглі ў аснову паэмы “Гражына”, якую напісаў Адам Міцкевіч у 1823 годзе.

Вядомы таксама па Міцкевічавых творах магістр Конрад Валенрод спрабаваў знайсці сваё шчасце пад мурамі гэтага непадступнага замка ў 1391 годзе

Не здолеў захапіць Наваградскі замак у 1394 годзе магістр фон Юнгінген, які знайшоў сваю смерць пад Грунвальдам у 1410 г. Над руінамі старажытнага замка луналі цені славутых герояў: Міндоўга, Дзмітрыя Карыбута, Віценя, Вітаўта Вялікага, Ягайлы, якіх узвысіў і ўсхваляў Адам Міцкевіч. Мураваныя вежы Наваградскага замка памяталі асады не толькі крыжакоў, але і татараў, шведаў, маскоўскіх ваявод, вялікую армію Напаліёна.

Адам Міцкевіч вельмі добра ведаў гісторыю Наваградчыны і любіў сваю Айчыну, апяваючы яе ў сваіх творах.

ФАЛЬВАРАК ЗАВОССЕ

zaosierj0Фальварак Завоссе (Баранавіцкі р-н), у якім 24 снежня 1798 г. нарадзіўся Адам Міцкевіч, знаходзіцца на адлегласці 10 км ад Сталовічаў.

Маёнткам Завоссе спачатку валодалі Яновічы, якія запазычыліся Міцкевічам больш за 900 злотых. Пакуль цягнуліся судовыя спрэчкі, запазычанасць з працэнтамі дасягнула 1,5 тыс. злотых. На тыя часы гэта былі вельмі вялікія грошы (за адзін злоты можна было купіць 2 барана). Шляхціц Яновіч адмаўляўся плаціць грошы, нягледзячы на рашэнне суда. Тады Міцкевічы другі раз (першы наезд быў няўдалым) напалі на Яновічаў і адбілі палову Завосся. Верагодна, што гэтую гісторыю захопа маёнтка Адам Міцкевіч паклаў у аснову свайго самага знакамітага твора – паэмы “Пан Тадэвуш, альбо апошні наезд на Літве”.

Судовы працэс скончыўся ў 1804 г. на карысць Міцкевічаў, якія сталі ўладальнікамі фальварка Завоссе, што налічваў 3 валокі зямлі (64 га).

За ўдзел у паўстанні 1830-1831 гг. Завоссе ў Міцкевічаў было канфіскавана.

Фальвар быў поўнасцю знішчаны ў часы I сусветнай вайны. Менавіта тут праходзіла і доўгі час трымалася лінія фронту паміж расейскімі і нямецкімі войскамi. 11 лістапада 1927 г. мясцовымі і ваяводскімі ўладамі тут быў устаноўлены (у 1955 г. адноўлены) помнік-абеліск у гонар Адама Міцкевіча.

На пачатку 90-х гадоў было вырашана аднавіць сядзібу ў Завоссі і адчыніць у ёй музей паэта. Гэта адбылося 8 верасня 1998 г. Адноўленае месца нараджэння Адама Міцкевіча ператворана ў вельмі прыгожы музей. Усюды, дзе б ні знаходзіўся Адам Міцкевіч, памяць вяртала яго да мясцінаў дзяцінства, да роднай зямелькі...

ДОМ МІЦКЕВІЧАЎ У НАВАГРАДКУ

У 1803 г. Мінскі каморнік Мікалай Міцкевіч за 50 рублёў асігнацыямі набыў пляц, на якім ужо ў 1806 г. быў пабудаваны дом. Спачатку гэта быў драўляны дом, які згарэў у гэтым жа годзе. У 1807 г. быў пабудаваны каменны дом, у якім сям’я Міцкевічаў жыла ад 1807 да 1812 года, да смерці бацькі паэта.

Пасля смерці маці гэты дом стаў належаць Францішку, які быў старэйшым сынам. За ўдзел у паўстанні 1830-1831 гг. Францішак Міцкевіч вымушаны быў жыць, як і Адам Міцкевіч, у эміграцыі. Дом перайшоў да Юліяна Біёлта.

У 1881 г., падчас пажара ў горадзе, дом згарэў, але быў адноўлены Антонам Дамброўскім. У часы першай сусветнай вайны ў доме кватаравалі па чарзе ваенныя штабы: нямецкі, польскі і бальшавіцкі.

У пасляваенны час сын Антона Дамброўскага Тадэвуш Дамброўскі даў згоду на тое, каб зрабіць тут музей Адама Міцевіча. Адкрыццё музея адбылося 11 верасня 1938 года, а 22 чэрвеня 1941 г. будынак знішчыла нямецкая бомба. У 1955 годзе да 100-годзя з дня смерці Паэта беларускія ўлады адкрылі ў Наваградку дом-музей Адама Міцкевіча.

12 верасня 1992 г. Наваградскі музей супольна з Варшаўскім Літаратурным музеем, прадпрыемствам “Будзімэкс”, Беластоцкім будаўнічым камбінатам урачыста адкрылі музей Адама Міцкевіча.

У верасні 1998 г. ля гэтага музея пасаджаны дуб у гонар 200-годдзя з дня нараджэння слаўнага сына зямлі беларускай.

НАВАГРАДСКІ ФАРНЫ КАСЦЁЛ

Наваградскі фарны касцёл быў пабудаваны ў 1395 г. у часы княжэння Вітаўта Вялікага. Менавіта тут у лютым 1799 г. быў ахрышчаны Адам Міцкевіч. Гэты касцёл знакаміты яшчэ і тым, што тут у 1422 г. бралі шлюб польскі кароль Ягайла і беларуская князёўна Соф’я Гальшанская. Нарадзіўшы 2-х сыноў Уладзіслава і Казіміра, Соф’я Гальшанская дала пачатак цэлай дынастыі Ягелончыкаў, якая кіравала польскім каралеўствам і беларуска-літоўскім гаспадарствам на працягу 250 гадоў.

 В.А. СЫРЫЦА, старшыня Баранавіцкай Рады

Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны.

  • Карта сайта
  • Контакты
  • support2
  • united nations development programme logo 2 0
© 2015 Создание сайтов в г. Барановичи . Все права защищены.
Отправить отзыв