Вітаем новы зборнік баранавіцкага аўтара

Пабачыла свет чарговая (дзявятая) кніга нашага земляка, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, Міжнароднага ПЭН-клуба, Беларускай асацыяцыі журналістаў Аляксея Белага. Зборнік, мастацкае афармленне якога зрабіў сам аўтар, атрымаў назву “У абдымках дажджу”.


“Хто з нас не помніць пах дажджу ? Цёплага, летняга, лагоднага. Найперш – гэта пах дзяцінства. Вось яны, першыя кроплі, што сыплюцца на гарачы пясок сцяжынкі, што ўецца між высокага зялёнага жыта. Ці лужынкі ў варонках, парослых травой, што засталіся ад мінулай вайны, па якіх ты ляціш басанож з сябрукамі, уздымаючы срэбныя пырскі… А “сляпы” дождж, калі і сонца, і вадаспад з неба, і вясёлка, што п’е ваду з маленькай рачулкі! Ці вашы з любай пацалункі ў дождж пад разгалістым дубам ці шыракалістым клёнам, – чытаем у анатацыі да зборніка.—Пах дажджу – гэта назаўсёды”.

 


Нарадзіўся Аляксей Белы ў невялічкай, зусім “сухапутнай” вёсачцы Міхнавічы, якой, між іншым, ужо больш за пяцьсот год. Цяпер яна амаль злілася з Івацэвічамі, але пакуль што захоўвае сваю назву. У Міхнавічах скончыў пачатковую школу (яго першым настаўнікам быў бацька вядомага беларускага літаратара Міколы Купрэева), а працягваў навучанне ў Івацэвічах. Атрымаўшы атэстат, шаснаццацігадовы юнак рушыў на Поўнач. Марская вучэльня, Салавецкія астравы, Запаляр’е…
-- У 1971 годзе у адной з карэльскіх раённых газет з’явіліся мае першыя вершы, расказвае аўтар.-- Потым была служба ў войску ( у Венгрыі), а пасля працаваў на беларускіх рэках памочнікам капітана цеплахода, хадзіў у рэйсы на Брэст, Гомель, Чарнобыль. Больш за трыццаць год ужо тут, у Баранавічах, аддаў прафесійнай журналістыцы.


У уступным слове да кнігі сябра Міжнароднай акадэміі графікі, Саюза мастакоў Беларусі Алесь ФАЛЕЙ адзначае: “Аляксей Белы вершы піша даволі лёгка – ён проста кладзе на паперу свае ўражанні і ўспаміны. Пішацца яму без асаблівага напружання таму, што ў літаратара багаты жыццёвы вопыт: праца ў юнацтве з геолагамі, дзе пачуў першыя бардаўскія песні, пасля – вахты ля штурвала на моры і рацэ матросам і памочнікам капітана цеплахода, шматлікія журналісцкія камандзіроўкі і проста вандроўкі па роднай Беларусі і іншых краінах. Сустрэчы і ростані… Вершы спрабаваў пісаць яшчэ падлеткам, але стала пачаў займацца літаратурнай творчасцю ў сярэдзіне сямідзясятых, калі пераехаў жыць у Баранавічы. У гэтым горадзе знайшліся сапраўдныя крытыкі і дарадцы, сталыя творцы, такія як Валерый Ігнаценка, Венанцы Бутрым…
“Зборнік “У абдымках дажджу” ў нейкай ступені эпатажны. На першы погляд можа падацца, што аўтар занадта адкрывае душу, праз меру смела гаворыць пра інтымнае. Але, як сказала ў свой час Ганна Ахматава пра аднаго з расейскіх літаратараў, які падаўся ёй у гэтым “занадта сціплым”, “гэта недастаткова бессаромна, каб быць паэзіяй… – дадае Алесь Фалей.-- Аўтар зборніка “У абдымках дажджу”, як было сказана раней, пабачыў свет. Салаўкі, Умба, Кандалакша, Чарнобыль, Чэгет, Вінніца, Рыга… А яшчэ – Парыж, Амстэрдам, Вена, Прага, Стакгольм, Хельсінкі, Жэнева, Барселона, Більбао… Але засталося неспазнаным паўдзённае паўшар’е планеты, куды ён яшчэ спадзяецца патрапіць…”

Прапануем чытачам нізку вершаў з новай кнігі Аляксея Белага.

***
…Так нечакана выйшлі на прасцяг,
Валока жыта, лес. Вандруй – не бойся…
,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,,
Жанчыну не цалуюць, быццам сцяг
(Шоўк вуснамі кранаў, як быў у войску).

А як цалуюць? Паглядзі наўкол –
Як на ўзлёце ластаўкі шчабечуць,
Як агуркі збіраюць у прыпол…
І гэта стане казачным і вечным.

Выводзь свой човен на ракі далонь,
І не маркоцься – налягай на вёслы.
І не тушы ў сваёй душы агонь,
Цалуй сваю жанчыну, як дарослы…
Жыві! І марна не растрачвай дні,
Не бойся ветру, хваляў, глыбіні.

***
Ну, хто паверыць, што такое сніцца,
Калі каліны ружавеюць гронкі?
На полі – баявая калясніца,
І параю кіруе амазонка!

Грыміць наўкол і крышыцца жалеза,
Крывёю пахне ўсё на гэтым полі,
Бо гэта – бітва. Гэта не імпрэза:
Хто славу здабывае тут, хто волю.

…Датлеюць хаты ў бліжэйшай вёсцы,
Апошні стогн сальецца з дзіды звонам.
І сёння вы – удвух – між пераможцаў,
І вам кружляць па гэтым полі – гонар!

…Як тут усё азартна і спакусна,
Што потым будзе, што яшчэ прысніцца…

***
Успомні ранкам пра прыпухласць вуснаў
Той, што кіруе гэтай калясніцай.

І ты, учора рыцар бездакорны,
Насуперак загадам і законам,
Нясеш даспехі прадаваць на Форум,
Каб залаты ёй падарыць пярсцёнак.

***
О, як жа марна працякаюць дні
(Бярвенні цяжка скласці ў вянцы).
Чакае нехта прынца на кані,
Ну, а прыходзяць толькі жарабцы!

***
Сёння зноў жаданне напіцца,
Паваліцца дзе пад бярозай…
Я ўжо не хачу вучыцца –
Пэўна, позна.

Птушкі раннія ўжо адпелі,
І кружляе між ліп дарога,
Дапаможа апойнае зелле
Ненадоўга.

Але вып’еш – і быццам свята
(Свята, святасць – родныя словы),
І ніхто тут не вінаваты.
………………………………………
Не было ніякай дамовы…

***
Я прозревал, глупея с каждым днем,
Я прозевал домашние интриги.
Не нравился мне век, и люди в нем
Не нравились, - и я зарылся в книги.
Владимир Высоцкий

А жыццё – гэта толькі падман:
Прагнеш радасці – маеш бяду…
Прачытаю цікавы раман,
Адкладу.

Узгадаю пра пошум вятроў,
Што казыча азёры…
І пакліча гарачая кроў
Да Прасторы.

Хай спявае трыснёг ля ракі,
І чакае світання.
Хай яго абжываюць ваўчкі –
Птушкі-здані.

…Заўтра зноў нам русалак вітаць
І агеньчык паліць у зацішку.
І захочацца перачытаць
Тую кніжку.

***
Я пазык зусім не бяру,
Абыходжуся, дзякуй Богу…
Аб’яднаем нашу хандру –
Так лягчэй адолець дарогу.
Будзем крочыць па мураве,
Будзе сонца і будзе лета.
І душа ізноў ажыве…
Спадзявайся і ты на гэта.

УСПАМІНЫ
Няважна, тут ветах ці поўня,
Ці зоркі на небе, ці хмары.
На злётах заўсёды цудоўна –
Сябры і гітара.
Сюды не патрэбны білеты,
Між соснаў палаюць агні!
Мы тут у палоне ў лета,
Нібыта на ўскрайку Сусвету
Згубіліся аж на тры дні!

***
Шумяць ледзь чутна на ўзлеску елкі,
Казыча ветрык ціхую раку…
Дадаць да сексуальнасці гарэлкі,
А калі маеш грошы – каньяку!
І так павольна, як у бездань, падаць
У сэнсе і прамым і пераносным…
І адчуваць, што ёсць і ў гэтым радасць,
Бы ў будане ў юнацтве між пакосаў…
***

Сёння ты не ў суме, не ў журбе
І жыццю, нібы ў юнацтве, рады:
Хіліцца жанчына да цябе –
Не бывае лепшае спагады!

Хай ляцяць кудысь няўмольна дні,
За спякотаю – ізноў залевы…
………………………………………………
Ты адданасць гэткую цані,
Абыходзься з ёй, бы з каралевай!

***
З жыццём нармальныя адносіны,
Ва ўсім – спагада і суладдзе…
Прачнешся з адчуваннем восені,
Што прапісалася ў садзе.

І будзе ветрык трошкі стомленым
(Учора дрэвы моцна гушкаў),
І зорачка над жоўтай поўняю…
Ні слоў, ні музыкі, ні птушак…

У фарбах восені аселіца,
Барвінак між крыжамі сцелецца,
І дрэвы ўсе адзінай масці…
І так захочацца застрэліцца,
Каб захаваць зямное шчасце.
…………………………………………….
Няхай даруюць родныя і Ойча –
Знаёмы егер так зрабіў аднойчы.

***
1
Зноў захапленне Мацісам ці Мункам –
Тымі, хто сёння ў цане.
Вусны прывыклі да пацалункаў,
Вочы пакуль што не...
2
Ужо прытаміліся Мункамі,
З музеяў і форумаў – прочкі…
Абыдземся пацалункамі
(Не абавязкова ў шчочку).

Даўно ты дарослы хлопец,
І ўсе пачуцці ў цане…
– Ну што, пацалункаў хопіць?
Абыдземся?
– НЕ!!!!

***
Мы проста людзі ад зямлі,
Прывыклыя да простай працы…
Мы не паслухалі дарадцаў,
І так далёка адплылі,
Бо не збіраемся вяртацца…

***
На ўсё ў мяне яшчэ хапае сіл,
І падкі я пакуль што да работы…
Я чаравікаў пары тры знасіў
На флоце, дзе “Хабараў”галасіў…
І вось упхнулі ў ялавыя боты…

Ды, зрэшты, аніякае бяды:
Анучны пах мацуе дух і цела.
Рэлейшчыкамі мы былі тады –
Краіна, дзе ў кветках гарады,
Чужую сувязь вымушана мела.

Набраўшы правіянту “пра запас”,
Наладжвалі мы ў сопках “гаспадарку”.
Але ў вайскоўцаў быў і пэўны час
Асвойваць нарматывы ў аўтапарку.

У частцы нашай шмат чаго было,
Хапала для жаўнераў месцаў спальных.
Вугоршчына. І ўзімку там цяпло.
А аўтапарк… Дык гэта ж не жытло,
Не помню, каб была ў ім прыбіральня!

…З сярэдзіны замок я адамкнуў
(Сакрэты не стасуюцца з выгодай),
Ну, і пад ЗІЛ-157 сікнуў!
(Не думаю, што сапсаваў прыроду.)

…Я, як і ўсе, уступаў у камсамол,
У шторм асвойваў шхеры і фіёрды.
А “старажыл” з мянушкаю Масёл
Штурхнуў мяне на кунг* худою мордай!

Ён быў масквіч ці пад яго “касіў”,
І не самотны быў, і не гаротны.
“Пад горла” фрэнч парадны ён насіў,
На “козліку” выезджваў разам з ротным.

Ну, а на флоце – гонар у цане,
І я, даволі лёгка і натхнёна,
Сказаў: “Цябе аддзяка не міне.
Як пабяжыш паперадзе мяне,
Калі нам заўтра выдадуць патроны?!”

…Я бачыў, як хаваецца бушпрыт
У час няпэўны ў грувасткіх хвалях.
І штармавалі мы, і балявалі…
А ён у роце раптам страціў спрыт:
“Ты видишь, что салага говорит…”
………………………………………………….
“Дзяды” ў казарме нейк засумавалі:
У каравул патроны нам давалі!

КУНГ –кузаў універсальны, герметычны

***
…А жыццё – між крыжыкаў і нолікаў,
(Не – каб проста ягады і кветкі).
Люд збяднелы з флікерамі “ролікам”,
З торбамі вялізнымі ў клетку.

Не спрабуе іх ніхто сурочыць,
І для іх расчыненае неба.
І яны ў жыцці чагосьці хочуць,
Ну, хоць ковал ліверкі ды хлеба…

***
Грошы дае райсабес,
Дома ты, а не прыблудзень…
Часам усё ж пазарэз
Хочацца з’ехаць у лес –
Ляпаць у бубен!

Спаць у здзічэлым хляве
(Спраўны калісьці быў хутар!)
І ў высокай траве
Шчаўе збіраць некранутае.
Ладзіць на досвітку танцы –
Гэтак бывала ў паганцаў.

***
Між цёмных елак – здані альбо цені
Вясёлы танец ладзяць без супынку.
Злятаюць і кладуцца ля каленяў
Маленькія вясёлыя жарынкі!

Далёка ў вёсцы цешыць люд гармонь,
Самоту наклікае ці ўдачу…
Кідаю шышкі спелыя ў агонь –
Яны ні-чо-га для яго не значаць.

АРЫСТАКРАТКІ

За акном ружавеюць шыпшыны кусты,
І ў жыце смяюцца валошкі.
Не адразу настаўніцы з вамі на “ты”,
Нават калі вы разам у ложку.

Не зніжае ніхто з іх адзнаку сваю,
Нават калі кладуць на лапаткі,
І заўсёды для іх болей звыклае “уоu”…
Англічанкі. Ці арыстакраткі.

Прочитано 921 раз Последнее изменение Вторник, 15 декабря 2020 18:50