350 гадоў Палонкаўскай бітве

Беларускі гісторык Генадзь Сагановіч, вывучаючы падзеі 1654-1667 гг., назваў сваю кнігу “Невядомая вайна”. Для беларускага народа самая жудасная вайна ў яго гісторыі і сёння застаецца невядомай.

Пачатак вайны 1654-1667 гг.

350 гадоў Палонкаўскай бітвеLКазацка-сялянская антыфеадальная вайна 1648-1651 гг. стала пачаткам разбуральнага веку ў гісторыі Беларусі. За ёй пачалася яшчэ больш страшная вайна 1654-1667 гг., у якой загінула больш за палову тагачаснага насельніцтва Беларусі.

У 1654 г. вайну з Рэччу Паспалітай распачаў маскоўскі цар Аляксей Міхайлавіч, які хацеў далучыць беларускія і ўкраінскія землі да сваёй дзяржавы і атрымаць выйсце да Балтыйскага мора. Царскаму войску ўдалося захапіць амаль усё Вялікае княства Літоўскае. Не паддаліся толькі Стары Быхаў, Слуцк, Ляхавічы, Нясвіж. Марш царскіх арміяў быў прыпынены толькі ўваходам улетку 1655 г. у польскія межы шведаў, чыёю мэтай, сярод іншага, было – загарадзіць Маскве дарогу да балтыйскага ўзбярэжжа. Шведскае нашэсце прывяло да спынення ваенных дзеянняў Рэчы Паспалітай з Масквою. У лістападдзе 1656 года ў Нямежы пад Вільняю было заключана замірэнне. Рэч Паспалітая пагаджалася на вельмі цяжкія ўмовы: прызнавала за царом тытул Вялікага князя літоўскага, пагаджалася з ягонаю ўладай над украінскімі і беларускімі землямі, абавязвалася абраць цара на найбліжэйшым сойме каралём польскім. Масква за тое спыняла ваенныя дзеянні супраць Рэчы Паспалітай і распачынала ў Прыбалтыцы вайну са шведамі.

Рэч Паспалітая пагадзілася на такія цяжкія ўмовы толькі з прычыны шведскай пагрозы. Калі гэтая пагроза аддалілася, Рэч Паспалітая пачала рабіць захады дзеля пераможнага заканчэння вайны з Масквою. Варшаве ўдалося перацягнуць на свой бок казакоў. Казацкі палкоўнік Іван Нячай пачаў вайну з маскоўскімі войскамі ў Беларусі. Сітуацыя ў беларускіх землях для маскоўскага войска значна пагоршылася. Таму над маскоўскім войскам быў пастаўлены вопытны ваявода Іван Хаванскі. Ён захапіў Горадню, а затым Берасця. Апошні горад быў “да найменшага будынка... разбураны, спалены і ў нішто ператвораны”. 20 сакавіка 1660 года 30-тысячная маскоўская раць падышла да Ляхавіцкага замка, каб захапіць гэтую магутную фартэцыю і апошнюю цытадэль беларускага супраціва. Але чатырохтысячны гарнізон на чале з камендантам Станіславам Юдзіцкім, маючы моцную артылерыю, мужна бараніўся. Ў траўні 1660 года, пасля шэрагу перамог над Карлам Густавам, паміж Варшавай і Стакгольмам быў нарэшце падпісаны мірны трактат. I цяпер Польшча магла вылучыць частку сілаў для дапамогі скрываўленаму Вялікаму Княству. На Берасцейшчыну, дзе змагалася войска гетмана Паўла Сапегі (каля 8 тысяч ваяроў) быў накіраваны ўкраінскі ваявода Стэфан Чарнецкі з 4-тысячнай дывізіяй.

Палонкаўская бітва 28 чэрвеня 1660 года

Спачатку быў выбіты маскоўскі гарнізон са Слоніма. Павел Сапега з-пад Жыровічаў паслаў некалькі загонаў ў кірунку Ляхавічаў, каб адцягнуць на сябе хоць частку абложнікаў ляхавіцкага замка. Першая сустрэча з раз’ездам (пошукавым аддзелам) праціўніка закончылася паразай расейцаў. Ацалелыя рэшткі ўцяклі ў свой лагер пад Ляхавічамі. I тут царскі ваявода Хаванскі выступіў насустрач аб’яднанаму беларуска-польска-літоўскаму войску.

З вечара 27 чэрвеня дывізіі Сапегі і Чарнецкага сталі ў баявыя шыхты. Цэнтр заняло войска Чарнецкага. На крылах пазіцыі размясціліся сапегаўцы: на правым – жаўнеры пад камандай Вайніловіча, на левым – на чале з Палубінскім. Маскоўскі ж ваявода ў цэнтры свайго войска паставіў пяхотнікаў і вершнікаў-рэйтараў, на левым крыле – конніцу князя Шчарбатага, а вершнікаў правага крыла ўзначаліў сам.

А 8 гадзіны раніцы 28 чэрвеня 1660 года Іван Хаванскі, які меў войска больш як 20 тысяч чалавек, распачаў бітву. Першай пайшла ў атаку конніца той беларускай шляхты, якая яшчэ раней была змушаная прысягнуць на вернасць маскоўскаму цару. У часе пераправы цераз балоцістую рэчку яна трапіла пад моцны агонь рушніц, а затым была разбітая контратакай ваяроў Чарнецкага. На дапамогу маскоўцы паслалі 6 тысяч пяхотнікаў. Ды на пераправе цераз тую ж рэчку яны былі заатакаваныя беларускімі і польскімі гусарамі. Вершнікі ў вадзе і на прыбярэжжы секлі ратнікаў Хаванскага. Пад агнём маскоўскай артылерыі пайшло ў наступ левае крыло беларускага войска. Грузнучы ў балоце, коштам вялікіх стратаў гусары Палубінскага прарваліся на сухазем’е. Прарваліся наперад таксама войскі цэнтра і правага крыла.

Хаванскі кінуў на дапамогу ратнікам рэшту сваіх сілаў – найлепшыя баярскія палкі і нямецкіх рэйтараў. Пакінуўшы ўжо за спіной нялёгкую пераправу, беларуска-польска-літоўскае войска мела толькі выбар: перамагчы або памерці. Жаўнерам трэба было вытрымаць і пераламіць ход змагання. I яны выстаялі.

Маскоўцы напачатку таксама націскалі з вялікім імпэтам. Але нашая зацятасць і рашучасць адпомсціць за знішчаную, высечаную Бацькаўшчыну, за былыя няўдачы і прыніжэнні былі мацнейшыя. Вось ужо маскоўскі ваявода Хаванскі паранены шабляй у галаву. Вось ужо радзеюць варожыя шыхты. Гасне бляск у баярскіх вачах, з’явілася разгубленасць на іх тварах. А тут харугвы Вайніловіча зайшлі збоку і імкліва ўдарылі ў фланг, потым зайшлі з тылу. I, нарэшце, праціўнік асаджвае разгарачаных коней, паварочвае назад. Жаўнеры Вайніловіча пры атацы натрапілі на маскоўскую пяхоту з артылерыяй, што замацавалася ў фальварку. Удзельнік бітвы пад Палонкай пазней успамінаў: ”ваяры Вайніловіча лезлі ў агонь, у самае пекла бою, ды так і змяшаліся з маскоўцамі, як зерне з сечкай”. Выбітых з такой цяжкасцю з фальварка маскоўскіх пяхотнікаў дабівала ў чыстым полі конніца. Трапіў у палон Шчарбаты, загінуў другі маскоўскі ваявода – Змееў, які з-пад Нясвіжа прыйшоў на дапамогу Хаванскаму.

Пасля вырашальнай бітвы 1660 года пад Палонкай

З дзвюма шабельнымі ранамі галавы сам Хаванскі панічна пабег пад Ляхавічы. Ён хацеў прыхапіць рэшту ацалелага войска і пад яго аслонай уратавацца. Наступнай ночы ён быў ужо ў Менску.

У кінутым уцекачамі лагеры пад Ляхавічамі пераможцам дасталіся вялізныя трафеі. Асабліва радаваўся Павел Сапега шматлікай артылерыі, запасам пораху. Паводле сведчання Шчарбатага, пад Палонкай загінула 10 тысяч маскоўцаў. Гэта быў поўны разгром галоўнай царскай арміі, якая тады дзейнічала ў Беларусі, і карэнны пералом у ходзе вайны 1654-1667 гг. Ад Палонкі пачалося выгнанне маскавітаў з нашай зямлі. На Падняпроўі і Падзвінні пад акупацыяй яшчэ заставаліся некаторыя абшары і такія гарады, як Полацак і Віцебск, але вайна ўжо хілілася да свайго канца. I нарэшце ў 1667 годзе ў вёсцы Андросаве пад Смаленскам паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай было падпісанае замірэнне. Беларускія землі засталіся ў складзе Рычы Паспалітай. Маскоўскаму цару не ўдалося здзейсніць свой асноўны намер – захапіць усю Беларусь і дабіцца выйсця да Балтыйскага мора. Мінула 350 гадоў з дня слаўнай Палонкаўскай бітвы, але цяперашнія людзі амаль нічога не ведаюць ні пра вайну 1654-1667 гадоў, ні пра Палонкаўскую бітву. Таму баранавіцкая грамадскасць робіць шмат, каб людзі ведалі і ганарыліся сваёй гісторыяй. Баранавіцкі паэт Алесь Корнеў напісаў вершы “Арыя 1655 года” і “О, Рэч Паспалітая!” у сваім зборніку “Крыжы зямелькі нашае”, прысвечаныя падзеям гэтай вайны.

2 лістапада 1994 года на ўзгорку ля вёскі Палонка адбылося ўрачыстае адкрыццё памятнага знака ў сувязі з Палонкаўскай бітвай 1660 года. Пры вялікай колькасці мясцовых людзей і гараджан праваслаўны і каталіцкі святары асвяцілі гэты знак і святое для ўсіх нас месца. Аб адкрыцці памятнага знака каля вёскі Палонка паведаміла беларускае тэлебачанне з ініцыятывы карэспандэнта БТ па Брэсцкай вобласці Міхаіла Шубіча. Гэты рэпартаж на БТ адбыўся ў дзень прыезда з Масквы ў Мінск намесніка старшыні парламента Расеі Уладзіміра Шумейкі. Баючыся гневу цэнтральных уладаў, мясцовае раённае кіраўніцтва падняло сапраўдны лямант і істэрыю. Найбольш “стараўся” упраўляючы справамі райвыканкама, які дагаварыўся да таго, што ўсталяванне памятнага знака ў Палонцы прывядзе да разрыву беларуска-расійскіх адносінаў. Прыгожае культурніцкае мерапрыемства было пераўтворана ў “антыдзяржаўніцкі акт”, які, па словах упраўляючага справамі райвыканкама, прывядзе да таго, што Расея адмовіцца пастаўляць Беларусі нафту і газ. Прадстаўнікі мясцовай улады моцна папсавалі нервы і пакаралі галоўнага ініцыятара гэтай падзеі Міхася Берната, але не адважыліся адразу зруйнаваць помнік, які быў асвечаны царквою і касцёлам. Гэта было зроблена пазней невядомымі асобамі.

На месцы зруйнаванага вандаламі памятнага знаку, у 2000 годзе сябры Баранавіцкай Рады ТБМ аднавілі драўляную шыльду ў гонар Палонкаўскай бітвы. Аднак і гэты памятны знак зноў быў знішчаны невядомымі “патрыётамі” праз 2 месяцы. Цяпер, на месцы слаўнай і бліскучай перамогі 1660 года, пустэча, зелле і смецце. І толькі душы нашых гераічных і мужных продкаў крыляюць на гэтым гістарычным Палонкаўскім полі, чакаючы ад нас чалавечай пашаны, каб навечна адысці ў бязмежны і спакойны свет.

Раней падзеі, звязаныя з гэтай бітвай, не толькі замоўчваліся, але і катэгарычна забаранялася гаварыць і пісаць пра перамогі над рускім царом. Сёння, дзякуй Богу, наша дзяржава пазбаўляецца плебейства і комплексаў “малодшага брата” не толькі ў сацыяльна-эканамічнай, палітычнай сферах, але і ў адзнаках сваіх гістарычных падзей.

І няма ў людзей больш простага спосабу ўдасканалення, як праз веданне дзеяў мінулых, казаў знакаміты Палібій.

                                                                                                                                                                               Віктар Сырыца

  • Карта сайта
  • Контакты
  • support2
  • united nations development programme logo 2 0
© 2015 Создание сайтов в г. Барановичи . Все права защищены.
Отправить отзыв